6 вершаў восені 2020
32 гады назад
я быў упершыню на маршы
па гэтым маршруце
дзяды
тым разам у дзіцячым вазку
гэтым — уцякаў і туляўся
між пяціпавярховак
пераскочыў няўдала
агароджу дзіцячага садка
падвярнуў нагу
дапяўся да лавачкі
міма бегаюць надзеі
у чалавечым абліччы
каб жа нехта мяне пасадзіў
у вазок як 32 гады таму
і вывез бы адсюль
*
— усю ноч у двары білі людзей
усю ноч у двары білі людзей
брахалі сабакі
брахалі сабакі
вы чулі?
— супакойся
табе падалося
табе падалося
нікога не білі
нікога не білі
бо ты б не пачуў
удары дубінкі па целе
бязгучна б'е
дубінка па целе
*
суд праз біты айфон ахоўніка
сядай у гэтай каморы
глядзі батарэя сядае
будзем судзіць паскорана
таму не трэба пярэчыць
гэта ў тваіх інтарэсах
бо калі батарэя сядзе
ты не пачуеш прысуду
не дазнаешся колькі
мы будзем цябе трымаць
будзеш ляжаць
і думаць колькі яшчэ
табе нюхаць гэтае дзярмо
зараз я кажу пра рэальнае дзярмо
дзярмо якое складаецца
з гаўна твайго сукамерніка з ніжніх нараў
з гаўна твайго сукамерніка з верхніх нараў насупраць
з твайго ўласнага гаўна
а гэты які засяліўся ўчора
яшчэ не пасраў ні разу
так што дзярмо ў якім мы ёсць
пакуль яшчэ не поўнае
нічога абвыкнецца новенькі
і будзе поўны букет
— пачнем
чаму вы выйшлі з дому?
*
— дайце таблетку
ад галавы
я не хачу каб у мяне
была галава
мне надакучыла
яе насіць
у яе ёсць вочы
у іх прасочваецца атрутны газ
які вы называеце святлом
і не гасіце на час адбою
я не хачу каб у мяне
была галава
у яе ёсць рот
які мне заторкваць
гумовым смярдзючым глеем
які вы спрабуеце выдаць за хлеб
я не хачу каб у мяне
была галава
у яе ёсць вушы
у якія вы гаркаеце
свае “ркзаспну”
“лцмксцне”
“бстр”
дайце таблетку
як няма?
— няма, бо мы з’елі
усе таблеткі ад галавы
самі
так што зткнлсь на
*
— хто званіў?
— адзінаццатая
начальнік
дай закурыць, га
а на прагулку можна
а аганьку дай
адзінаццатая
а колькі часу
а пакурыць можна
я акуратна
на прагулку пусціш
душ дай
крокі скрыпяць у калідоры
ключ храбусціць у замку
пакуль адчыняюцца дзверы
прыг-скок на падлогу
увесь камерны актэт
з-за кратаў пазірае
школьнік, які памыліўся
і зайшоў не ў свой клас:
— так, бл
у мяне калі правінілась адна камера,
страдае ўвесь ізалятар
*
сабака на вуліцы брэша
“гаў-гаў” — раве ў шчыліну акна мужык
а насамрэч на ўсю камеру
— гэта ратвейлер
я тут сядзеў 7 гадоў таму
і ён жыў у гэтым жа двары
стары што капец
не служыць даўно, на пенсіі
але бачыш, не ўсыпілі
я з ім размаўляю
гаў-гаў!
а я разумею,
што справа не ў літасці
пад небам ізалятара
ён адбывае пажыццёвае
мая жменя сутак
смеху вартая
нават аднаго
скуголення сабачага
не вартая