Skip to main content
#6 2012
5 min read

Ад Стакгольма да Мінску не надта далёка

Дыпламатычны крызіс паміж Беларуссю і Швецыяй мае значна глыбейшыя карані, чым падзеі з так званым "плюшавым дэсантам". У адкрытым лісце да амбасадара Швецыі паэт, былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Уладзімір Някляеў распавядае, якім чынам гэты крызіс даў нагоду для расправы не толькі над апазіцыяй, але нават над роднай культурай. Падрабязней пра гэта – перакладчык Нільс Хокансан.

Credits Text: Uladzimir Njakljajeu, Nils Håkanson Translation from Swedish: Katerina Masko September 27 2012

Апошнім часам у адносінах паміж Швецыяй і Беларуссю – дыпламатычны крызіс. Адкрыты канфлікт пачаўся ў жніўні, калі Беларусь не прадоўжыла акрэдытацыю амбасадару Швецыі Стэфану Эрыксану. Гэта прымусіла шведскі ўрад да адпаведных захадаў, і ў выніку беларуская амбасада ў Стакгольме таксама засталася без кіраўніцтва. Той, хто, як і большасць шведскіх журналістаў, не паглыбляўся ў перадгісторыю гэтых падзей, мог лёгка ўявіць, нібыта гэтая дыпламатычная драма пачалася з таго, што шведскае рэкламнае агенцтва дзеля самапіяру скінула з самалёта над Мінскам некалькі плюшавых мядзведзікаў. Нібыта дыктатар не мае розуму і можа распачаць цэлы дыпламатычны крызіс з-за некалькіх дзіцячых цацак. Паводле іншай версіі, крызіс быў выкліканы прыездам у Беларусь спявачкі Ларын і яе сустрэчай з мясцовымі апазіцыянерамі. Ларын – асоба вядомая, і былі нават спробы звязаць яе імя з "плюшавым дэсантам".

На самой справе ўсё выглядае інакш. Беларускі рэжым досыць абыякава ставіцца да такіх "правакатараў" у тым выпадку, калі гэта замежнікі і калі яны хутка знікаюць.

Штодзённа рэжым зазнае ўсемагчымыя нападкі ад соцень актывістаў і дыпламатаў у краіне і за яе межамі. І, у прынцыпе, такой рэакцыі, якую мы бачым у апошні час, ніколі раней не было. Звычайна рэжым паводзіць сябе хітра і метадычна, а нязграбных і нервовых рухаў не робіць. Інакш кажучы, у аснове жнівеньскага крызісу – зусім іншыя прычыны.

Шведская прысутнасць у Мінску на працягу некалькіх гадоў раздражняла Лукашэнку і ягоных падручных тым, што развівала добрыя адносіны з апазіцыяй, а асабістая прыхільнасць пасла Эрыксана да беларускай культуры і мовы выклікала ва ўлады незадаволенасць (дапускаю, што нават і сорам). На працягу дзесяцігоддзяў урад краіны актыўна супрацьдзейнічае нацыянальнаму культурнаму самавыяўленню. Выбар паміж беларускай і другой дзяржаўнай – рускай мовай, з прычын, якія, магчыма, калісьці і мелі месца, але цяпер усё больш здаюцца паранаідальнымі, расцэньваецца як выбар паміж апазіцыяй і вернасцю афіцыйнай уладзе. Таму пасол, які ахвяруе час і намаганні на вывучэнне "апазіцыйнай мовы" і актыўна гэтую мову выкарыстоўвае, паводле той жа логікі аказваецца асобай ненадзейнай, чалавекам, які стаў на варожы бок і прагне давесці краіну да гібелі.

Менавіта пра гэта піша былы кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў у наступным лісце.

Гэты ліст таксама служыць яркім выразам салідарнай сувязі, якая ўдалечыні ад любых плюшавых мядзведзікаў паціху ўзнікла паміж нашымі краінамі за апошнія гады.

Нільс Хокансан

АДКРЫТЫ ЛІСТ
Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму амбасадару
Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь
спадару Стэфану Эрыксану

Найшаноўны спадар амбасадар!
Перш за ўсё ад мяне асабіста, ад ўсёй дэмакратычнай супольнасці Беларусі прашу прыняць прабачэнні за брутальныя дзеянні сённяшняга беларускага рэжыму. Рэжым выслаў Вас з нашай краіны, але ён не можа, не здольны выслаць Вас з нашых сэрцаў.

Ваша дзейнасць на пасадзе амбасадара Швецыі - прыклад таго, што здольны зрабіць адзін чалавек, адданы сваёй справе. Да Вашага прыезду ў Беларусь Швецыя была для беларусаў адной з найдалёкіх краін. За сем гадоў Вашай самаадданай працы яна стала адной з краін найблізкіх. Тысячы беларусаў не проста болей дазналіся пра Швецыю і шведаў - тысячы беларусаў Швецыю і шведаў палюбілі. У маім разуменні гэта і ёсць найвялікшая, найвышэйшая дыпламатыя.

Афіцыйная прапаганда рэжыму пачала супраць вас абсурудную кампанію дыскрэдытацыі. Вас абвінавацілі нават у тым, што Вы актыўна карыстаецеся беларускай мовай! Папрокаў дыпламату ў карыстанні нацыянальнай мовай той дзяржавы, у якой ён выконвае абавязкі амбасадара, дасюль не зафіксафана ў гісторыі дыпламатыі - Вы можаце ганарыцца эксклюзіўнасцю абвінавачвання.

Падмуркам сваёй дзейнасці як амбасадара Швецыі Вы зрабілі культуру - і дасягнулі бліскучага палітычнага выніку. Менавіта ў гэтым нечакана для многіх выявіўся Ваш унікальны талент дыпламата. Сёння можна сцвярджаць, што шведскі ўрад, міністрэрства замежных спраў, накіраваўшы прадстаўніком Швецыі ў Беларусь менавіта Вас, зрабілі беспамылковы выбар.

Калі спытаць: чаму беларускі рэжым гэтак помстліва абышоўся з Вамі? - нельга знайсці адказу выключна ў палітыцы. У ёй не здарылася, не сталася нічога незвычайнага. Палітыка ўсіх амбасадараў краін Еўразвязу была і застаецца скансалідаванай, асобныя амбасадары выказваліся ў адносінах да беларускай улады значна больш жорстка, чым Вы. Значыць, прычына не ў тым.

Прычына нават не ў падзеях апошняга часу: палёце шведскага самалёта ў падтрымку свабоды і правоў чалавека ў Беларусі, сустрэчы шведскай спявачкі з сем'ямі беларускіх палітвязняў. Гэтыя падзеі проста паскорылі рашэнне, прынятае дыктатарам раней, калі ён убачыў, наколькі небяспечная для закрытага грамадства Ваша адкрытасць. Вы выйшлі за межы ўмоўнасцяў, звыклых для традыцыйнай дыпламатыі, сталі публічнай, папулярнай асобай беларускай культуры і палітыкі, займелі фенаменальны поспех. А там, дзе з аднаго боку фенаменальны поспех - там з другога боку фенаменальная зайздрасць. Рэўнасць, якая нараджае нянавісць.

Дыктатура, апроч усяго астатняга, - неверагодна раўнівая. Яна патрабуе, каб любілі толькі яе - і нічога больш, і нікога іншага. Усеабдымная ўсенародная любоў, яе імітацыя, масавая дэманстрацыя на шэсцях і парадах - фізіялагічная патрэба дыктатуры. Без гэтага яна засыхае, гіне, таму ўсеабдымнай любові патрабавалі і патрабуюць усе дыктатары, вялікія і малыя. Яны п'юць яе, як вампіры кроў, і ненавідзяць усіх і кожнага, хто забірае ў іх, ці можа забраць хоць кроплю гэтай любові.

Вы забралі не адну кроплю… Менавіта праз неспадзяваную, нечаканую любоў, якую Вы прынеслі са Швецыі тысячам беларусаў, тысячы беларусаў палюбілі Вас. Рэжым сыйдзе - любоў да Вас, да Швецыі і шведаў застанецца. За гэта варта быць высланым.

Адзін з вядомых беларускіх музыкаў сказаў адразу пасля Вашай высылкі, што некалі Стэфану Эрыксану будзе стаяць помнік каля шведскай амбасады ў Мінску, а беларусы сваім дзецям будуць расказваць пра яго легенды і казкі. Магчыма, адна з казак будзе пачынацца так:

«Даўным-даўно жыў-быў на нашай беларускай зямлі добры, разумны, вясёлы і прыгожы швед. Як і ўсе шведы, ён вельмі любіў Швецыю. А яшчэ ён любіў Беларусь. Ён любіў яе так моцна, як любіць Беларусь мала хто з беларусаў…»

Дзякуй Вам!
Чакаем Вас у Беларусі!
Уладзімір Някляеў,
лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»,
кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Like what you read?

Take action for freedom of expression and donate to PEN/Opp. Our work depends upon funding and donors. Every contribution, big or small, is valuable for us.

Donate on Patreon
More ways to get involved

Search