(2020–2023)
У кастрычніку 2019 года Беларускі ПЭН распачаў маніторынг парушэнняў правоў у культурнай сферы. Пасля скрадзеных выбараў у 2020 годзе Беларусь перажыла беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і культурнага сектара. Паводле інфармацыіі цэнтра правоў чалавека "Вясна" 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед; больш за 400 беларусаў уключаны ў спіс "тэрарыстаў", 4 100 асоб маюць ярлык "экстрэмістаў"; 1 012 чалавек ужо адбылі свае тэрміны; 7 чалавек памерлі за кратамі. На 14 лістапада 2024 года ў Беларусі 1 276 палітычных зняволеных. На 31 кастрычніка 2024 года, не менш за 164 дзеячы культуры знаходзіліся ў зняволенні ў Беларусі, сярод іх не менш за 38 зняволеных пісьменнікаў.
Затрымалі і адпусцілі без пратакола
Добра, што толькі тры дні, але не штраф
Добра, што не білі
Добра, што штраф, а не суткі
Добра, што суткі, але хоць з матрацам
Добра, што пятнаццаць сутак, але не трыццаць
Добра, што не білі
Добра, што дзевяноста сутак, а не крыміналка
Добра, што крыміналка, але не білі
Добра, што хатняя хімія, а не хімія
Добра, што хімія, а не гады ў зняволенні
Добра, што два-тры гады, а не дзясятак
Добра, што ў СІЗА, а не ў калоніі
Добра, што агульны рэжым, а не ўзмоцнены
Добра, што ёсць лісты, хоць і ўзмоцнены
Добра, што ў калоніі, а не ў ПКТ
Добра, што ў ПКТ, а не ў ШЫЗА
Добра, што ў ШЫЗА, але здаровы
Білі, але хоць здаровы
Добра, што выйшаў, цяпер плануем лячэнне
Яшчэ сядзіць, але добра, што хоць жывы
Малюся толькі, каб быў жывы